У дзяржаўнай установе дашкольнай адукацыі «Дзіцячы сад №2 г. Баранавічы» шмат увагі надаецца засваенню дзецьмі культуры свайго народа, фарміраванню пачуцця нацыянальнай годнасці, развіццю беларускага маўлення.
Для гэтага ва ўстанове дзякуючы супрацоўнікам і бацькам дзіцячага садка створан музей «Беларуская хатка». Разнастайны матэрыял дапамагае дзецям знаёміцца з жыццём і побытам беларусаў.
 Пераступіўшы парог невялікага пакоя, адразу трапляеш ва ўтульную атмасферу даўніны і ўяўляеш, як жылі нашы продкі.
У музеі прадстаўлены інтэр’ер традыцыйнай сялянскай хаткі, выстаўлены разнастайныя прадметы, якія даюць уяўленне пра гаспадарчы побыт і працоўную дзейнасць нашых продкаў: печ, якая займала галоўнае месца ў кожнай хаце, абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Покуць – так называецца пачэснае месца ў хаце, якое заўсёды прыгожа ўбіраецца – на абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі. На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай.
Вечарамі, асабліва ў зімовы час, сялянская хата ператваралася ў майстэрню. У доўгія вечары пры святле лучыны, тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і пралі, ткалі, шылі адзенне і вышывалі.
Адны з самых старажытных промыслаў беларусаў – пляценне з лазы і саломы, ганчарства. На паліцах у хатцы прыгожа глядзіцца посуд. Збанок мае ручку і носік-дзюбку. Гарлачык старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлачык без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху.
Экспазіцыя музея дапамагае вырашаць задачу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі па фарміраванні грамадзянкасці і нацыянальнай самасвядомасці, патрыятычных пачуццяў у выхаванцаў. У музей можна не толькі прыйсці паглядзець экспанаты, але і правесці цікавыя заняткі па адукацыйных галінах “Выяўленчае мастацтва”, “Дзіця і грамадства”, фальклорныя святы.
Экспазіцыя музея ўвесь час папаўняецца рэчамі, якія прыносяць педагогі, бацькі, тэхнічны персанал і нават дзеці.